Спектакль в Республиканском театре белорусской драматургии

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ
РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ
    Ужо на працягу двух апошніх гадоў навучэнцы лінгвагуманітарнага каледжа пастаянна наведваюць спектаклі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Спектаклі розных аўтараў ідуць толькі на беларускай мове. З задавальненнем мы паглядзелі “Адамавы жарты”, “Раскіданае гняздо”, “Кантракт”, “Тры Жызэлі”. “Тры Жызэлі” – спектакль, які нас вельмі ўразіў, за гэтыя дзве с паловай гадзіны мы паспелі і пасмяяцца, і паплакаць, і задумацца аб жыцці. Не адназначна быў успрыняты спектакль “Пелікан”.  Таксама нашы навучэнцы паглядзелі спектаклі “Дзед” і “Кругі раю” (пастаўлены паводле жыцця і творчасці Янкі Купалы). Спектакль “Дзед”  паставіў вядомы расійскі акцёр В. Панін.
   А нашы выкладчыкі наведалі прэм’еру незвычайнага,  нават эксперыментальнага спектакля “Беларусь. Дыдактыка”. Хацелася б адзначыць, што гэта было закрытае мерапрыемства. Гэта праект, у якім удзельнічала народная артыстка Республікі  Беларусь Таццяна Мархель. Спектакль атрымаў прызнанне гледачоў, таму можна сказаць, што эксперымент атрымаўся.
   Некалькі мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў снежні ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, вельмі ўразілі нас.
   16.12.2016 года праводзілася вечарына, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Гэта была незвычайная сустрэча, бо на ёй прысутнічала пляменніца лепшага сябра Максіма Багдановіча – Ніна Дзябольская, якая жыве ў Францыі і займаецца перекладамі яго вершаў на французскую мову. Таксама там прысутнічалі акцёры французскага тэатра “Demain le printemps”, які знаходзіцца ў Парыжы, але самі ўдзельнікі жывуць у розных гарадах Францыі, а некаторыя – у іншых краінах свету.
   18.12.2016 года адбыўся спектакль “Каляднае рандэву” (сумесная работа акцёраў французскага тэатра і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі). Пасля спектакля адбылася сустрэча з акцёрамі “Demain le printemps” для спецыяльна запрошаных гасцей. Не без гонару хочацца адзначыць, што нашыя навучэнцы былі сярод іх.
   Усе гэтыя мерапрыемствы далі нам толькі пазітыўныя пачуцці, эмоцыі. Мы ні на адну хвіліну не пашкадавалі, што прыйшлі туды. Мы правялі вольны  час з вялікай карысцю.
Лічым, што ў гэты тэатр можна і трэба хадзіць! Запрашаем усіх! Далучайцеся!
Навучэнкі 22 ЗБ групы  Усік Дар’я і Янкоўская Настасся.
Куратар вучэбнай групы  Чэчат Лілія Пятроўна.